АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ,
ацэтылцэлюлоза, вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)·103 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).
т. 2, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)